Версія для друку
Памер шрыфту
+
фота
Друк

"Ёсць чым ганарыцца, але трэба рухацца далей". Вось што патрабуе Лукашэнка ад сельскай гаспадаркі

Навіны 16.04.2024 | 15:17

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аграрыям ёсць чым ганарыцца, але работу сельскагаспадарчай галіны трэба зрабіць больш устойлівай, а яе развіццё - прагрэсіўным. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.


Гэта нарада, адзначыў кіраўнік дзяржавы, з'яўляецца лагічным прадаўжэннем практыкі аб'ектыўнага і сістэмнага аналізу стану спраў у канкрэтных сферах эканомікі. На парадку дня гэты раз - пытанні развіцця аграрнай галіны, павышэння эфектыўнасці яе работы і павелічэння яе ўкладу ў сукупны нацыянальны даход.


"Ад стану спраў у вёсцы шмат у чым залежаць дабрабыт нашых людзей, валютныя паступленні, узровень харчовай бяспекі і ў канчатковым выніку сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне. Людзі перш за ўсё павінны быць накормлены, апрануты - словам, жыць нармальна. Тады і будзе сацыяльна-эканамічная стабільнасць. Шмат у чым гэтаму садзейнічае сельская гаспарадка, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У цэлым аграрыям ёсць чым ганарыцца. Беларусь у поўным аб'ёме забяспечвае сябе асноўнымі відамі прадуктаў харчавання. Істотна перасягае іншыя дзяржавы СНД па вытворчасці такой прадукцыі і спажыванні на душу насельніцтва".


Так, забяспечанасць па малаку складае амаль 270 працэнтаў, мясе - 135 працэнтаў, цукры - больш за 150 працэнтаў, бульбе - 112 працэнтаў.


Па шэрагу пазіцый Беларусь дастойна выглядае і ў сусветным рэйтынгу. Краіна ўваходзіць у пяцёрку краін - экспарцёраў малакапрадуктаў і топ-20 вядучых экспарцёраў мясной прадукцыі, а гэта галоўныя прадукты сельскай гаспадаркі.


Айчынныя прадукты харчавання пастаўляюцца больш як у 107 дзяржаў свету, валютная выручка ад іх рэалізацыі за 2023 год склала амаль $7,5 млрд. "І гэта пры рэзкім падзенні сусветных цэн", - заўважыў Прэзідэнт.


"Сёння стаіць задача рухацца далей, зрабіць работу сельскагаспадарчай галіны больш устойлівай, а яе развіццё - прагрэсіўным. Усе магчымасці дабіцца гэтага ў нас ёсць, - перакананы кіраўнік дзяржавы. - Мы гэта ўмеем рабіць. Вы бачыце, якая ў свеце складваецца катастрафічная сітуацыя з прадуктамі харчавання. Зразумела, што становішча будзе толькі ўскладняцца ў сувязі з ростам насельніцтва і тымі праблемамі, якія ахопліваюць у тым ці іншым рэгіёне планеты насельніцтва. Паўтару яшчэ раз: нам трэба забыць пра санкцыі і іншыя заходнія страшылкі. Яны, вядома ж, ёсць. Але іх трэба забыць. Ведаеце, для чаго. Трэба жалезна пашыраць вытворчасць і экспарт прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Развіваць нацыянальныя брэнды, апярэджваючы канкурэнтаў. Заваёўваць новыя таварныя і геаграфічныя сегменты. Іншага не дадзена".


Таму размова ў час нарады, папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка, пойдзе не столькі аб поспехах, колькі аб існуючых праблемных пытаннях, вырашэнне якіх дасць магчымасць выйсці на істотна больш высокія паказчыкі.


"Сёння наша дыспазіцыя такая. Па выніках папярэдняга, 2023 года ў вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі мы атрымалі сціплыя крыху больш за 1 працэнт росту (а ў раслінаводстве мы ўпалі больш як на 1 працэнт, жывёлагадоўлі - 4,5 працэнта плюс). З улікам таго, колькі ўкладзена ў вёску, гэта больш чым сціпла", - падкрэсліў Прэзідэнт.


БЕЛТА - Навiны Беларусi

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://minpriroda.gov.by/by/news-by/view/ests-chym-ganarytstsa-ale-treba-ruxatstsa-dalej-vos-shto-patrabue-lukashenka-ad-selskaj-gaspadarki-5670
© Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, 2024
Распрацоўка і падтрымка сайта БЕЛТА