Лукашэнка назваў першапрычыны кліматычнай пагрозы
Навіны
01.12.2023 | 18:32
1 снежня, Дубай /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час выступлення на Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату назваў першапрычыны існуючай кліматычнай пагрозы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У пачатку выступлення кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку кіраўніцтву ААЭ за высокі ўзровень арганізацыі канферэнцыі. "Няпростай канферэнцыі, на якую прыбыло толькі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў больш, чым прыязджае на сесію Генеральнай Асамблеі ААН", - сказаў ён.
"Сёння мы, лідары дзяржаў свету, гаворым пра будучыню планеты Зямля - нашага агульнага дому. Іншага дому ў нас не было і не будзе. Гаворым пра будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. Пра будучыню ўсіх, хто прыйдзе ў гэты свет пасля нас. Мы прадстаўляем розныя культуры, розныя сістэмы каштоўнасцей, розныя цывілізацыі. Але мы адзіныя перад тварам глабальнага выкліку, які кінула нам сама прырода", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што клімат мяняецца, і вучоныя робяць самыя змрочныя прагнозы. "Тое, што мы чуем іх і рэагуем, вельмі прагрэсіўна. Але каб эфектыўна процістаяць пагрозе, неабходна сумленна і адкрыта назваць яе першапрычыны", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
"Перш за ўсё гэта адсутнасць пачуцця меры ў імкненні да геапалітычнай, у тым ліку ваеннай (я сказаў бы, перш за ўсё ваеннай) перавагі тых, хто правакуе і распальвае ачагі войнаў у розных кутках планеты. А войны з'яўляюцца галоўнай крыніцай бруду на нашым кантыненце. Гэта прага нажывы, якая ператварае прыродныя рэсурсы ў асабісты капітал і абкрадае будучыя пакаленні. Гэта спробы ўстараніць са свайго шляху краіны, якія перашкаджаюць падпарадкаваць увесь свет і разбурыць, выцягнуўшы з зямлі ўсе сокі. І робіцца ўсё часам нібы ў мэтах устойлівага развіцця (ёсць такая праграма ў ААН)", - звярнуў увагу беларускі лідар.-0-
БЕЛТА - Навiны Беларусi