Мінпрыроды: за апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі выкіды ад транспарту скараціліся на 5 працэнтаў
Навіны
22.09.2025 | 19:00
22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За апошнія дзесяць гадоў у Беларусі выкіды ад транспарту скараціліся на 5 працэнтаў. Аб гэтым расказаў у час экалагічнай акцыі "Дзень без аўтамабіля" намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Прыходзька,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Забруджванне атмасфернага паветра - актуальная праблема ва ўсім свеце, нагадаў Іван Прыходзька. У Беларусі крыніцай амаль 49 працэнтаў усіх выкідаў з'яўляецца менавіта транспарт.
"Паводле даных Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя, якасць атмасфернага паветра ў Беларусі з'яўляецца стабільна добрай. Але наша мэта - далейшае скарачэнне выкідаў забруджвальных рэчываў. І павінен сказаць, што яна паспяхова рэалізуецца, у тым ліку за кошт выканання комплексу мер. Гэта і актыўнае развіццё электратранспарту, адпаведнай інфраструктуры, уключаючы будаўніцтва электрычных зарадных станцый, якіх сёння ў краіне ўжо каля 1 тыс. адзінак. Літаральна за мінулы год іх колькасць узрасла амаль у паўтара раза", - расказаў намеснік міністра.
Акрамя таго, у комплекс мер уваходзіць арганізацыя веладарожак, стварэнне новых маршрутаў, размяшчэнне пунктаў пракату, спадарожных аб'ектаў, развіццё шэрынгавых паслуг.
Паводле слоў Івана Прыходзькі, за апошнія дзесяць гадоў у Беларусі выкіды ад транспарту скараціліся на 5 працэнтаў, або больш як на 31 тыс. т. "І гэта сапраўды нямала. Але разумеючы, што ў рытме сучаснага жыцця поўнасцю адмовіцца ад выкарыстання аўтамабіля, напэўна, немагчыма, неабходна рабіць выбар на карысць альтэрнатыўных экалагічных відаў транспарту. Таму ў гэты дзень мы заклікалі ўсіх грамадзян і гасцей нашай краіны адмовіцца ад выкарыстання аўтамабіля і тым самым унесці свой уклад у ахову навакольнага асяроддзя і ў зніжэнне забруджвання атмасфернага паветра", - дадаў ён.
Іван Прыходзька расказаў, што, паводле разлікаў спецыялістаў, калі хаця б на адзін дзень няхай нават кожны другі аўтааматар адмовіцца ад выкарыстання свайго аўтамабіля, гэта дасць магчымасць скараціць выкіды забруджвальных рэчываў амаль на 500 т.
Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран упэўнены, што Тыдзень мабільнасці і акцыя "Дзень без аўтамабіля" - яшчэ адзін імпульс для развіцця і пабудовы экалагічнай сталіцы. "Гэта магчымасць перагледзець свой спосаб жыцця, тое, як мы перамяшчаемся па горадзе, задумацца, якім паветрам дыхаюць нашы дзеці", - звярнуў увагу ён.
Гарадская ўлада паслядоўна вырашае экалагічны парадак дня, падкрэсліў Арцём Цуран. У зоне адказнасці знаходзіцца мадэрнізацыя гарадскога пасажырскага транспарту з пераходам на электрычны, стварэнне інтэлектуальнай сеткі работы з адходамі, добраўпарадкаванне зялёных зон. "А самае галоўнае - змяненне адносін людзей да таго, дзе мы жывём", - падагульніў старшыня.
Тыдзень мабільнасці ў Беларусі стартаваў 16 верасня. Міжнародная кампанія накіравана на павышэнне дасведчанасці аб уплыве транспарту на навакольнае асяроддзе і здароўе. Яе мэта - стымуляваць выкарыстанне альтэрнатыўных відаў транспарту, такіх як грамадскі транспарт, веласіпеды, самакаты і пешыя прагулкі, знізіць залежнасць ад аўтамабіляў. Беларусь упершыню прыняла ўдзел у маштабнай акцыі ў 2008 годзе.-0-