"Выключаць некаторую колькасць". БТПР прапанавала сваё рашэнне праблемы з бурымі мядзведзямі
Навіны
13.11.2023 | 14:01
13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прапанаваў шляхі вырашэння праблемы з бурымі мядзведзямі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адным з пытанняў у час сустрэчы стала рэгуляванне колькасці нарміруемых відаў паляўнічых жывёл і жывёл, якія ўваходзяць у Чырвоную кнігу Беларусі. "Усім вядома тэма бурага мядзведзя. Менш вядома тэма рысі, - адзначыў кіраўнік БТПР. - Мы далажылі свае прапановы ў гэтай частцы, не прапануючы экстрэмальныя рэчы, заведама непапулярныя, але рашэнні, якія дыктуе само жыццё".
Апошнім часам папуляцыі бурага мядзведзя і рысі ў Беларусі павялічыліся, нараўне з павелічэннем біяразнастайнасці ў краіне ў цэлым. "Разумнае выкарыстанне гэтых відаў прапанавана ажыццяўляць шляхам рэгулявання іх колькасці, не адкрываючы паляванне на іх. Гэта значыць там, дзе празмерная колькасць бурага мядзведзя і ён перашкаджае жыццядзейнасці чалавека, прапанавана выключаць некаторую колькасць звера для таго, каб ураўнаважыць, зрабіць баланс паміж інтарэсамі чалавека і жывёл", - сказаў кіраўнік БТПР.
На ўдакладняльныя пытанні журналістаў аб спосабах такога выключэння Ігар Шуневіч адказаў: "Колькасць мядзведзя вельмі хутка расце ў нас у краіне. Яго ўжо больш за 700 (асобін. - Заўвага БЕЛТА) дакладна, хоць гадоў дваццаць таму было 150. Наша задача - атрымаць дакладнае разуменне ад нашай навуковай грамадскасці, якая аптымальная колькасць мядзведзя павінна быць на нашай тэрыторыі, якая дазволіла б нам адкрываць на яго паляванне. Паколькі гэта аптымальная колькасць сёння не выведзена, мы гаворым: давайце мы будзем рэгуляваць колькасць там, дзе яго вельмі многа, празмерна многа, дзе ён перашкаджае жыць".
Кіраўнік БТПР падкрэсліў, што на гэтым этапе размова ідзе толькі аб рэгуляванні колькасці: "Гэта не значыць, што мы адкрыем паляванне. Гэта чырванакніжнік". "Але калі ёсць яго празмерная колькасць, трэба пэўную колькасць адстраляць, асабліва праблемных звяроў, якія заходзяць у населеныя пункты, на пчальнікі, якія ўжо сёння траўміруюць людзей", - перакананы Ігар Шуневіч.-0-
БЕЛТА - Навiны Беларусi