Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь

"Ад цара да самавара". Якія маршруты прапануюць у Беларусі ў тыдзень воднага турызму

22.07.2025
22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тыдзень водных прагулак і падарожжаў праходзіць у Беларусі. Якія варыянты адпачынку прапануюць, расказалі БЕЛТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме і турыстычных інфармацыйных цэнтрах рэгіёнаў.

Распрацаваны розныя спартыўна-турыстычныя і аматарскія маршруты. Гэта спакойныя сплавы па рэках Іслач, Нёман, Пціч, Бярэзіна, Днепр, Прыпяць, Убарць, якія даюць магчымасць атрымаць задавальненне ад маляўнічых прыродных пейзажаў, актыўныя (экстрэмальныя) сплавы з парогамі па рэках з бурным цячэннем, такіх як прытокі Заходняй Дзвіны, Страча, Сцвіга.

Таксама турысты могуць зрабіць водныя прагулкі на сапах, каноэ і байдарках па Нарачы, возеры Асвейскае, ціхіх вялікіх рэках. Ёсць і напрамкі з культурна-гістарычным складнікам - водныя маршруты, якія пралягаюць праз гістарычныя мясціны, замкі, сядзібы і манастыры, такія як маршрут "Ад цара да самавара" ў Дзятлаўскім раёне. Гэтыя маршруты часта камбінуюцца з пешымі прагулкамі, даючы магчымасць турыстам не толькі адпачыць на прыродзе, але і азнаёміцца з багатай гісторыяй і культурай Беларусі.

Розныя варыянты водных прагулак магчымы на Браслаўскіх азёрах. Гэта і маршрут "Шэсць азёр" працягласцю 21 км, і "Браслаўская кругасветка" даўжынёй 95 км.

Цікавую праграму падрыхтавалі ў Полацку - 24 ліпеня тут адбудзецца сплаў-квест "Рака гісторыі: Ад Рагнеды да нашых дзён". Старт запланаваны на 18.00. Як расказалі ў турыстычным інфармацыйным цэнтры Полацка, удзельнікаў будуць чакаць квесты і загадкі, пошукі скарбаў і творчыя заданні.

Як адзначылі ў Нацыянальным агенцтве па турызме, Беларусь багата на водныя рэсурсы. Турыстычная інфраструктура дае магчымасць максімальна камфортна арганізаваць сплавы, водныя паходы або прагулкі. Яна актыўна развіваецца і ўключае базы адпачынку, пункты пракату, магазіны турыстычнага рыштунку, абсталяваныя месцы стаянак, сэрвісы па дастаўцы неабходных прадуктаў для турыста і інш.

У Беларусі ліпень аб'яўлены месяцам актыўнага турызму. З 7 па 13 ліпеня акцэнт быў на пешым турызме, з 14 па 20 ліпеня - на веласіпедным, а з 21 па 27 ліпеня праходзіць тыдзень воднага турызму.-0-
Усе навіны