Навукова-практычная канферэнцыя "Біялагічная бяспека Рэспублікі Беларусь: нацыянальныя інтарэсы, пагрозы, стратэгічныя напрамкі забеспячэння, ацэнка стану" прайшла 8 снежня 2021 г. у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
Асноўныя пытанні, якія абмяркоўвалі ўдзельнікі канферэнцыі — прадухіленне ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, санітарная ахова тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, мерапрыемствы па пераадоленні пандэміі COVID-19, біябяспека ў лабараторных умовах, бяспека генна-інжынернай дзейнасці, інвазіўныя віды жывёл і раслін, якія ўяўляюць пагрозу прафілактыка заразных хвароб жывёл, патамарфалогія і дыягностыка высокапатагеннага і нізкапатагеннага грыпу птушак, біяабарона і іншыя.
Перад удзельнікамі канферэнцыі выступілі намеснік Прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Было адзначана, што распрацоўваецца праект Канцэпцыі біялагічнай бяспекі. Плануецца, што канцэпцыя біябяспекі стане адной з частак новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
У рабоце міжведамаснай канферэнцыі прынялі ўдзел спецыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі, Нацыянальнай акадэміі навук, якія курыруюць пытанні аналізу і развіцця забеспячэння сістэмы біялагічнай бяспекі. Адбыўся абмен навуковай інфармацыяй, абмеркаванне апошніх дасягненняў і напрамкаў даследаванняў у гэтай галіне.
З дакладам па тэме "Інвазіўныя віды жывёл і раслін, якія ўяўляюць пагрозу біябяспецы" выступіла кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова.
Больш інфармацыі можна даведацца на сайце Міністэрства аховы здароўя.