10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.У Беларусі распрацавалі рэкамендацыі па стварэнні і ўтрыманні зялёных насаджэнняў уздоўж дарог, паведаміў на прэс-канферэнцыі "Азеляненне Беларусі: экалагічны патэнцыял гарадскіх ландшафтаў і прыдарожных аб'ектаў" першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Аляксандр Корбут, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Корбут адзначыў, што Мінпрыроды сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук прааналізавалі існуючыя праблемы. Гібель саджанцаў абумоўлена, у тым ліку якасцю работ па добраўпарадкаванні прыдарожных палос, адсутнасцю догляду раслін.
"Павінны абавязкова ўлічвацца катэгорыя дарог, рэльеф, адлегласць ад дарожнага палатна да першага шэрага насаджэнняў, крутасць і пазіцыя схілаў, інтэнсіўнасць руху", - падкрэсліў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Таксама ён звярнуў увагу на папярэдняе абследаванне тэрыторыі, на якой плануюцца пасадкі дрэў і кустоў, выкарыстанне якаснага пасадачнага матэрыялу і відаў, устойлівых да забруджвання кампанентамі процігалалёдных рэагентаў. Пры пасадцы важна ўлічваць стан грунту, урадлівага слоя глебы, аптымальныя тэрміны выканання работ. У ліку рызык гібелі раслін абазначаны і адсутнасць паліву, падкормкі, догляду, экстрэмальнае праяўленне пагодна-кліматычных фактараў, прымяненне тыпавой схемы на ўсіх участках дарог замест альтэрнатыўных падыходаў да азелянення.
"З улікам гэтага Інстытутам эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі распрацаваны практычныя рэкамендацыі па стварэнні і ўтрыманні зялёных насаджэнняў уздоўж аўтамабільных дарог Беларусі, - расказаў Аляксандр Корбут. - Мяркуецца, што дакумент будзе зацверджаны сумесна з Міністэрствам транспарту і камунікацый".-0-