28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Год добраўпарадкавання неабходна аб'яднаць намаганні дзяржавы і грамадства ў пытаннях навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання тэрыторый. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Сівак у час пасяджэння рэспубліканскага штаба па правядзенні ў 2025 годзе Года добраўпарадкавання,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Колькасныя паказчыкі, безумоўна, важны, але перш за ўсё чакаю выразнага даклада аб прынятых мерах па ўключэнні грамадзян і суб'ектаў гаспадарання ў работу па навядзенні і падтрыманні парадку на прадастаўленых ім у валоданне і карыстанне зямельных участках і замацаваных за імі тэрыторыях агульнага карыстання", - сказаў Анатоль Сівак.
Ён нагадаў, што ў сувязі з правядзеннем Года добраўпарадкавання прынята пастанова ўрада ад 16 мая 2025 года нумар 267, якая прадугледжвае карэкціроўку правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Пастанова канкрэтызуе патрабаванні да ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў, а таксама зямельных участкаў, прадастаўленых грамадзянам, суб'ектам гаспадарання. Вызначаны патрабаванні да санітарнай ачысткі і прыбірання тэрыторый, догляду расліннасці, утрымання капітальных збудаванняў, гаспадарчых пабудоў, альтанак, агароджы, малых архітэктурных форм, дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак і абсталявання, іншых элементаў добраўпарадкавання. "Гэта рашэнне накіравана на аб'яднанне намаганняў дзяржавы і грамадства ў пытаннях навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання тэрыторыі, актывізацыю і ўключэнне грамадзян і арганізацый, а таксама ўзмацненне іх адказнасці за рэалізацыю адпаведных мерапрыемстваў", - адзначыў віцэ-прэм'ер.
Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў адзначыў, што ўжо можна падводзіць вынікі работы за студзень-красавік 2025 года. "Усе пункты плана выконваюцца. Па пэўных паказчыках назіраецца перавыкананне плана. У іх ліку тампанаж свідравін, якія не выкарыстоўваюцца, азеляненне населеных пунктаў, пасадка дрэў уздоўж аўтамабільных дарог. Хоць умовы надвор'я нас стрымлівалі, але ў цэлым паказчыкі нядрэнныя. З улікам гэтага сёння будзе разгледжана пытанне па ўстаноўцы дадатковых, больш жорсткіх паказчыкаў. У цэлым можам ацэньваць такую работу як здавальняючую. Мы гатовы разам з іншымі дзяржорганамі прадаўжаць гэту работу", - адзначыў ён.-0-