21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь далучаецца да святкавання Міжнароднага дня лясоў і дае старт акцыі па аднаўленні бураломных участкаў "Дай лесу новае жыццё", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Акцыя, накіраваная на лесааднаўленне пасля разгулу мінулагодняй ліпеньскай стыхіі, пройдзе ў Беларусі з 21 сакавіка па 12 красавіка ўжо другі раз. Восенню мінулага года старт ініцыятыве Мінлясгаса даў асабіста Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, пасля чаго ініцыятыву падхапілі ўсе вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі міністэрстваў, камітэтаў, канцэрнаў і ведамстваў.
У час гэтай акцыі асноўны фронт работ трэба будзе выканаць у найбольш пацярпелай Гомельскай вобласці, дзе цяпер актыўна вядзецца падрыхтоўка глебы пад будучыя лесапасадкі. Сімвалічна, што на гэты раз акцыя пройдзе пад эгідай Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Чакаецца, што акцыю, як і ў папярэднія гады, падтрымаюць дзясяткі тысяч валанцёраў. Каб прыняць у ёй удзел, добраахвотнікам неабходна звязацца з патрэбным лясгасам або лясніцтвам і заявіць аб сваім жаданні. Лесагаспадарчыя ўстановы галіны забяспечаць валанцёраў інвентаром і пасадачным матэрыялам.
Лесапасадкі будуць арганізаваны па ўсёй краіне, але Міністэрства лясной гаспадаркі заклікае валанцёраў аказаць сваю дапамогу па магчымасці Гомельскай або Магілёўскай абласцям, найбольш пацярпелым ад разгулу стыхіі. У гэтых абласцях кожная пара рук - на вагу золата, а ўклад добраахвотнікаў у аднаўленне лясоў будзе ўдвайне каштоўны, адзначылі ў прэс-службе Мінлясгаса.
Ініцыятыва прадоўжыцца акцыяй "Лес! Дабро! Парадак", якая стартуе з 12 красавіка, - упор будзе зроблены на добраўпарадкаванне беларускіх лясоў. Фінішуе мерапрыемства 1 мая ў Свята працы. Такім чынам, у Год добраўпарадкавання Мінлясгас правядзе сапраўдны марафон з добраахвотных акцый.-0-
Новости Беларуси (БЕЛТА)