Галоўчанка: рост ВУП Беларусі ў 2025 годзе запланаваны на 4,1 працэнта, інфляцыя - не больш за 5 працэнтаў

01.08.2024
Рост ВУП Беларусі ў 2025 годзе запланаваны на 4,1 працэнта, інфляцыя - не больш за 5 працэнтаў. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На разгляд выносіцца пакет прагнозных дакументаў на 2025 год - праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі, а таксама рэспубліканскага бюджэту і змяненняў у Падатковы кодэкс. 2025 год - завяршальны год пяцігодкі. Адпаведна, прагноз сацэканамразвіцця павінен улічваць задачы пяцігадовай праграмы, адпавядаць патрабаванням эканамічнай бяспекі і ўстойлівасці дзяржавы і фарміраваць умовы для далейшага росту дабрабыту насельніцтва і развіцця эканомікі краіны. У прагнозных дакументах прапанаваны важнейшыя мэтавыя параметры развіцця. Паказчыкі традыцыйна напружаныя, што з'яўляецца апраўданым ва ўмовах існуючай мабілізацыі эканомікі. Для ўрада і Нацыянальнага банка ў якасці задач будуць вызначаны рост валавога ўнутранага прадукту, павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва, інвестыцый у асноўны капітал, экспарту тавараў і паслуг, абмежаванне ўзроўню інфляцыі", - сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, з падрыхтаваных матэрыялаў вынікае, што рэалізацыя мэтавага сцэнарыя дазволіць забяспечыць рост рэальных даходаў насельніцтва на 4 працэнты, рэальнай зарплаты - на 4,7 працэнта. "Тэмп росту эканомікі ў наступным годзе плануецца на ўзроўні 104,1 працэнта. Для дасягнення гэтай мэты ў праекце закладзены актыўнае інвестыцыйнае развіццё (107,8 працэнта), нарошчванне аб'ёмаў экспарту тавараў і паслуг (105,4 працэнта) і кантроль над інфляцыяй (не больш за 5 працэнтаў)", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Ён таксама падкрэсліў, што ў краіне выбудавана дакладная і празрыстая структура кіравання і кантролю за дасягненнем запланаваных параметраў праз давядзенне мэтавых задач па ўсёй вертыкалі ўлады.

"Бюджэт сфарміраваны на аснове абазначаных прагнозных параметраў. Даходная частка бюджэту запланавана з невялікім прыростам 7,8 працэнта і чаканымі паступленнямі ў аб'ёме Br45,5 млрд. Пры гэтым бюджэт плануецца з дэфіцытам. Гэта фарміруе пэўныя рызыкі збалансаванага фінансавання важнейшых дзяржаўных расходаў, а таксама забеспячэння асноўных суб'ектаў эканомікі неабходнымі рэсурсамі. Прашу міністра фінансаў спыніцца на гэтых пытаннях, а таксама расказаць, як будуць фінансава падтрыманы інвестыцыйнае развіццё, экспарт, будаўнічы комплекс, развіццё аб'ектаў у сферы АПК", - дадаў кіраўнік урада.

Што датычыцца Падатковага кодэкса, як адзначыў Раман Галоўчанка, трэба захаваць умовы для эканамічнага росту, выключыўшы пры гэтым залішнюю нагрузку на рэальны сектар эканомікі.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Версія для друку Усе навіны