І ў няволі звер застаецца дзікім

30.12.2020
У дзеючым прыродаахоўным заканадаўстве ўрэгуляваны амаль усе пытанні, якія датычацца дзікіх жывёл: ад іх знаходжання ў натуральным асяроддзі да ўтрымання ў няволі. Правільнае выкананне гэтых нормаў – важная ўмова для дабрабыту братоў нашых меншых. 

Фота Андрэя Феакцістава.

Рэгістрацыя для чарапахі 

Адзін з важных момантаў, які прапісаны ў беларускім заканадаўстве, – гэта парадак і ўмовы рэгістрацыі дзікіх жывёл у няволі. Так, у адпаведнасці з артыкулам 43 Закона “Аб жывёльным свеце” дзікія жывёлы, якія ўтрымліваюцца ці былі разведзены ў няволі, павінны быць зарэгістраваныя іх уладальнікамі. Гэта датычыцца як відаў, уключаных у Чырвоную кнігу ці падпадаючых пад дзеянне Канвенцыі СІТЭС, так і тых жывёл, што пражываюць у нашай краіне ў натуральным асяроддзі. На працягу месяца з моманту, як фізічная ці юрыдычная асоба купіла, атрымала у падарунак – словам, пачала валодаць жывёлай, трэба зарэгістраваць свайго новага гадаванца. Што ж тычыцца чырванакніжнікаў і ўзораў СІТЭС, іх трэба зарэгістраваць у Мінпрыроды, астатніх дзікіх жывёл у няволі рэгіструюць яго тэрытарыяльныя органы (абласныя і Мінскі гарадскі камітэты). Як расказала кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова, папярэдне спецыялісты прыродаахоўнага ведамства разам з навукоўцамі выязджаюць на месца новай прапіскі жывёлы і правяраюць, наколькі створаныя ўмовы адпавядаюць яе відавым і індывідуальным асаблівасцям. Яшчэ адна важная ўмова – жывёла не павінна мець магчымасці самаадвольна выходзіць з месца свайго ўтрымання. Гэта ўберажэ ад небяспекі як саму жывёлу, так і людзей, якія жывуць побач з ёй.

Дзякуючы рэгістрацыі Мінпрыроды вядзе ўлік такіх гадаванцаў. Гэта дапамагае вызначыць уладальніка “ўцекача”, які трапіў на вуліцу ці ў чужую кватэру. Але здараецца, што знойдзеныя жывёлы аказваюцца незарэгістраванымі. – Я звяртаю ўвагу такіх уладальнікаў: за несвоечасовую рэгістрацыю прадугледжана адказнасць у адпаведнасці з артыкулам 15.32 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, – кажа Таццяна Жалязнова. – Не трэба таксама ісці ў ЖЭС і спрабаваць зарэгістраваць купленую экзатычную жывёлу як хатнюю. Нягледзячы на тое, што, напрыклад, папугаі ці чарапахі жывуць у нашых кватэрах, яны не перастаюць быць дзікімі (могуць жыць ва ўмовах натуральнай свабоды). Акрамя таго, без адпаведнай рэгістрацыі ўладальнік жывёлы – узору СІТЭС – не атрымае спецыяльнага дазволу на перамяшчэнне і не зможа вывезці яе за мяжу.

Чытайце працяг на сайце газеты "Звязда"
Версія для друку Усе навіны