12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб неабходнасці стварэння адзінай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў інтэрнэт-прасторы расказала на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алена Фурс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Назіранні ў рамках сістэмы маніторынгу праводзяцца ў мэтах ацэнкі і прагнозу стану навакольнага асяроддзя для забеспячэння дзяржаўных органаў, арганізацый і грамадскасці поўнай і дакладнай інфармацыяй. У рамках канцэпцыі нацыянальнай бяспекі развіццё сістэм маніторынгу садзейнічае нейтралізацыі ўнутраных крыніц пагроз экалагічнай бяспецы. Пры гэтым павышэнне дакладнасці ацэнак і прагнозаў дапамагае ўстараніць знешнія пагрозы нацыянальнай бяспецы. Акрамя таго, нацыянальная сістэма маніторынгу - гэта важнейшы інструмент атрымання аб'ектыўнай інфармацыі аб якасці навакольнага асяроддзя і эфектыўнасці рэалізуемай экалагічнай палітыкі", - адзначыла Алена Фурс.
Яна дадала, што цяпер налічваецца ўжо 13 відаў маніторынгу, кожны з якіх унікальны, мае сваю гісторыю стварэння і развіцця, а таксама трэнды назіранняў.
"Захаваныя за мінулыя гады даныя маніторынгу з'яўляюцца комплеснай экалагічнай інфармацыяй, на аснове якой мы можам прымаць эфектыўныя і абгрунтаваныя рашэнні. Без сістэмы маніторынгу немагчыма было б падводзіць вынікі і вызначаць паказчыкі мэт устойлівага развіцця", - падкрэсліла начальнік упраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды.
Гаворачы аб падвядзенні вынікаў і вызначэнні тэндэнцый далейшага развіцця, спецыяліст заявіла аб лічбавізацыі сістэмы маніторынгу.
"Цяпер ідзе паступальнае ўдасканаленне як асобных відаў маніторынгу, так і ўсёй сістэмы ў цэлым. У прыватнасці, ідзе работа над паляпшэннем сістэм маніторынгу атмасфернага паветра і лакальнага маніторынгу. У перспектыве мы бачым стварэнне адзінай сістэмы маніторынгу ў інтэрнэт-прасторы. Нам трэба ўкараняць сучасныя інфармацыйныя разлікова-аналітычныя метады, а таксама інтэграваць усе даныя маніторынгу, каб аказваць максімальна поўную інфармацыйную падтрымку для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў", - рэзюмавала Алена Фурс.-0-