Мінпрыроды: прамсектар і будаўнічая сфера патрабуюць значных аб'ёмаў карысных выкапняў

20.09.2024
20 верасня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Рынак Беларусі - і прамысловы сектар, і будаўнічая сфера - патрабуе даволі вялікіх аб'ёмаў карысных выкапняў. На гэтым зрабіў акцэнт намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў у размове з журналістамі на палях Беларускага інвестыцыйнага форуму (БІФ) "Нетры-2024", які праходзіць у Гомелі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

Як падкрэсліў Віктар Галанаў, пры размове з прадстаўнікамі бізнесу напярэдадні адкрыцця форуму праяўлялася відавочная цікавасць да нашых інвестыцыйных праектаў. "Усяго іх (праектаў. - Заўвага БЕЛТА) на пляцоўцы Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі больш за 700, таму пры жаданні кожны можа знайсці для сябе нішу. А Гомельскі рэгіён найбольш багаты на карысныя выкапні. Традыцыйна ў рэспубліцы паўднёвыя рэгіёны былі найбольш разведаны геолагамі, ёсць сур'ёзныя напрацоўкі, архіўныя даныя геалагічных даследаванняў, канкрэтныя праекты нават з распрацаванымі тэхніка-эканамічнымі абгрунтаваннямі, таму паўднёва-ўсходні рэгіён павінен быць флагманам у гэтай рабоце", - акцэнтаваў ён.

Паводле слоў намесніка міністра, сёння рынак Беларусі - і прамысловы сектар, і будаўнічая сфера - патрабуе даволі вялікіх аб'ёмаў карысных выкапняў, на якія багата, у тым ліку і беларуская зямля. "І я ўпэўнены, што інвестару менавіта ў гэтым напрамку трэба працаваць замест таго, каб завозіць карысныя выкапні звонку і несці лагістычныя страты. Думаю, пры ўмелай распрацоўцы ўсё гэта магчыма рэалізаваць на тэрыторыі Беларусі", - адзначыў ён. 

На форуме прэзентавана некалькі перспектыўных праектаў, у ліку якіх звязаныя з радовішчамі ультрапрэснай вады, даўсанітавай руды, гіпсу і інш.

Беларускі інвестыцыйны форум (БІФ) "Нетры-2024", які сабраў у Гомелі больш за 250 прафесіяналаў, прысвечаны прэзентацыі інвестыцыйнага патэнцыялу прыродных рэсурсаў і карысных выкапняў Беларусі. У ліку ўдзельнікаў - прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, бізнесмены, эксперты ў сферы прыродакарыстання і іншыя прафесіяналы. 

Беларускі інвестыцыйны форум арганізуе Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі пры падтрымцы Міністэрства эканомікі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Гомельскага аблвыканкама.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Версія для друку Усе навіны