7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На грамадскае абмеркаванне вынесены праект закона "Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Праект закона накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання адносін, якія ўзнікаюць у галіне аховы і выкарыстання вод, з улікам практыкі прымянення Воднага кодэкса Беларусі. Унясенне змяненняў у Водны кодэкс абумоўлена неабходнасцю актуалізацыі яго палажэнняў для выключэння няпэўнасцей, неадназначнага тлумачэння, а таксама неабходнасцю ўзгодненасці з заканадаўчымі актамі. Дзеянне абмяркоўваемага праекта распаўсюджваецца на юрыдычных асоб і грамадзян, якія ажыццяўляюць водакарыстанне ў адпаведнасці з заканадаўствам аб карыстанні нетрамі.
Праектам закона істотна перапрацаваны паняційны апарат, урэгуляваны пытанні ўліку водных аб'ектаў, а таксама пашыраны: пералік органаў дзяржаўнага кіравання ў галіне аховы і выкарыстання вод з улікам іх кампетэнцыі; выпадкі, у якіх паверхневыя водныя аб'екты могуць перадавацца ў арэнду, а менавіта, акрамя рыбаводства, таксама для рэкрэацыі, спорту і турызму; пералік мэт карыстання воднымі аб'ектамі шляхам дапаўнення яго скідам сцёкавых вод; пералік дакументаў, на падставе якіх павінны распрацоўвацца інструкцыі па эксплуатацыі водагаспадарчых сістэм і асобна размешчаных гідратэхнічных збудаванняў і ўстройстваў.
Акрамя таго, удакладнены кампетэнцыя Мінпрыроды; парадак выканання работ на ўнутраных водных шляхах, работ, звязаных з эксплуатацыяй аб'ектаў абароннай, ваеннай інфраструктуры, аб'ектаў інфраструктуры дзяржаўнай граніцы Беларусі, аб'ектаў меліярацыі, а таксама звязаных з ліквідацыяй надзвычайных сітуацый і (або) іх наступстваў; нормы ў адносінах да забарон на скід сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб'екты, размешчаныя ў граніцах асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і ў месцах размяшчэння аб'ектаў рэкрэацыі, спорту і турызму.
Таксама праектам перагледжаны: падыходы да зацвярджэння планаў кіравання рачнымі басейнамі і іх далейшая рэалізацыя, а таксама складаў басейнавых саветаў з ускладаннем гэтых функцый на абласныя выканаўчыя камітэты, на тэрыторыі якіх яны ствараюцца; пералік відаў спецыяльнага водакарыстання, ажыццяўленне якіх патрабуе атрымання дазволаў на спецыяльнае водакарыстанне або комплексных прыродаахоўных дазволаў; вызначаны дакладны парадак узвядзення, ліквідацыі і прыёмкі ў эксплуатацыю паверхневых водных аб'ектаў.
Дакументам устаноўлена забарона на ўзвядзенне ў межах зямельных участкаў, прадастаўленых ва ўстаноўленым парадку фізічным асобам (за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў), больш за адну капаную сажалку і іншых паверхневых водных аб'ектаў, якія не адпавядаюць параметрам капанай сажалкі; выключана перадача паверхневых водных аб'ектаў для рыбаводства грамадзянам; урэгуляваны адносіны, якія ўзнікаюць пры эксплуатацыі ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод.
Акрамя таго, праектам унесены змяненні ў Кодэкс Беларусі аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, а таксама Закон "Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызме, стратэгічнай экалагічнай ацэнцы і ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе".
У праекце закона не прадугледжваецца ўстанаўленне дадатковых плацяжоў за права карыстання водамі. Яго прыняцце не прывядзе да змянення велічыні расходаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, пазабюджэтных фондаў. Дакумент не змяшчае палажэнняў, якія ўстанаўліваюць залішнія абавязкі, забароны і абмежаванні, неабгрунтаваныя расходы для юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён адпавядае сацыяльна-эканамічным патрэбнасцям і магчымасцям грамадства і дзяржавы, мэтам устойлівага развіцця, не прывядзе да негатыўных экалагічных наступстваў, накіраваны на рацыянальнае выкарыстанне і ахову вод. Магчымасць узнікнення якіх-небудзь негатыўных сацыяльных і экалагічных наступстваў, звязаных з рэалізацыяй прапануемых праектам закона змяненняў, не ўстаноўлена.
Арганізатар грамадскага абмеркавання - Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі з 7 па 18 жніўня.-0-
БЕЛТА - Навiны Беларусi