Мінпрыроды: радыяцыйная абстаноўка ў Беларусі ў студзені-чэрвені заставалася стабільнай

16.08.2023
16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў студзені - чэрвені гэтага года радыяцыйная абстаноўка заставалася стабільнай. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Забяспечана ўстойлівае функцыянаванне 13 відаў маніторынгу навакольнага асяроддзя. Стан паветра ў населеных пунктах, дзе праводзяцца вымярэнні наяўнасці забруджвальных рэчываў у бесперапынным рэжыме, у першыя шэсць месяцаў гэтага года ацэньваўся ў асноўным як вельмі добры, добры і ўмераны.

"У першым паўгоддзі суб'екты гаспадарання краіны выканалі 48 прыродаахоўных мерапрыемстваў, якія дазволяць скараціць выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра больш як на 1711 тон/год. Выкананы паказчык скарачэння выкідаў парніковых газаў у адпаведнасці з мэтавым паказчыкам дзяржпраграмы на 2021 год - 31 працэнт", - расказалі ў Мінпрыроды.

У ведамстве адзначылі, што ў студзені - чэрвені 2023 года радыяцыйная абстаноўка на тэрыторыі краіны заставалася стабільнай. Інфармацыя з аўтаматычных пунктаў вымярэнняў таксама сведчыла аб стабільнасці радыяцыйнай абстаноўкі ў зонах уплыву Чарнобыльскай, Ігналінскай, Смаленскай, Ровенскай і Беларускай АЭС.

Паводле папярэдніх даных, аб'ём скідвання недастаткова вычышчаных сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб'екты ў першым паўгоддзі зменшыўся на 33,1 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года.

"У частцы метэаралагічнай дзейнасці за студзень - чэрвень гэтага года складзена 25 014 метэаралагічных прагнозаў, 61 папярэджанне аб неспрыяльных з'явах, 16 штармавых папярэджанняў аб небяспечных з'явах, падрыхтавана 493 бюлетэні надвор'я. У рамках рэалізацыі дзяржпраграмы зводны мэтавы паказчык апраўдвальнасці кароткатэрміновых прагнозаў надвор'я па абласных цэнтрах у справаздачным перыядзе склаў 96,2 працэнта (пры ўстаноўленым 93 працэнты)", - падкрэслілі ў прэс-службе.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Версія для друку Усе навіны