Новы сезон рэспубліканскага праекта "100 ідэй для Беларусі" стартуе 14 лістапада

13.11.2023

13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстая цырымонія старту рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі" адбудзецца 14 лістапада на базе вучэбнага цэнтра холдынга "Гарызонт" у Мінску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага камітэта БРСМ, кіраўнік праекта Кацярына Лакісава.


"На ўрачыстай цырымоніі сімвалічнага старту новага сезона аднаго з брэндавых маладзёжных праектаў сучаснай Беларусі арганізатары аб'явяць аб пачатку прыёму заявак для ўдзелу ў конкурсе. Маладыя наватары змогуць адправіць іх, запоўніўшы анкету, якая з 14 лістапада стане даступна на абноўленым сайце 100ideas.by, - расказала Кацярына Лакісава. - Традыцыйна праект будзе рэалізаваны ў чатыры туры. Першы - інфармацыйны, да 30 лістапада. Менавіта ў гэты перыяд мы чакаем заяўкі. У снежні адбудзецца другі тур. Ён уключае ў сябе адбор заявак, навучальныя стартапы, раённыя і занальныя мерапрыемствы. Трэці тур з арганізацыяй абласных, Мінскай гарадской выставак-прэзентацый, а таксама НАН Беларусі і Міністэрства адукацыі пройдзе ўжо ў студзені 2024 года. Вынікі праекта з вызначэннем пераможцаў мы плануем падвесці ў сакавіку наступнага года".


Паводле яе слоў, у гэтым годзе ў праект унесены змяненні - вылучаны тры ўзроставыя групы ўдзельнікаў, замест раней заяўленых дзвюх. Асноўныя намінацыі праекта - "Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць", "Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства", "Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі", "Ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія і нанаіндустрыя)", "Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія", "Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі", "Экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў)", "Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый", "Грамадства і сацыяльная сфера", "Лепшая бізнес-ідэя".


"Усяго іх дзесяць і яны засталіся ранейшымі. Экспертны савет будзе выбіраць па тры пераможцы ў кожнай: з ліку вучняў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі; студэнтаў, курсантаў; працоўнай моладзі, маладых вучоных, прадстаўнікоў устаноў, арганізацый, падпарадкаваных НАН Беларусі. Акрамя таго, яшчэ адным новаўвядзеннем стала павелічэнне колькасці крытэрыяў ацэнкі праекта, адпаведнасць запытам міністэрстваў, ведамстваў, арганізацый і прадпрыемстваў на канкрэтныя інавацыйныя распрацоўкі. Мы арыентуем навуковую дзейнасць моладзі на тыя сферы, у якіх мае патрэбу рэальны сектар эканомікі Беларусі. Пералік такіх запытаў размешчаны на сайце праекта ў раздзеле "Ідэі, патрэбныя краіне", і ён пастаянна папаўняецца", - растлумачыла кіраўнік праекта.


Яна таксама падкрэсліла, што месца для старту новага сезона праекта "100 ідэй для Беларусі" - вучэбны цэнтр холдынга "Гарызонт" - вельмі сімвалічнае і выбрана не выпадкова. "У працэсе распрацоўкі абноўленага палажэння мы звярнуліся на флагманскія беларускія прадпрыемствы з просьбай праінфармаваць аб запатрабаваных распрацоўках. Адным з першых на нашу просьбу адгукнуўся холдынг "Гарызонт" і прадаставіў канкрэтныя запыты, якія змогуць удасканаліць дзейнасць беларускага вытворчага гіганта. Больш таго, вучэбны цэнтр, адкрыццё якога адбылося ў верасні гэтага года, - унікальная новая прастора для комплекснага навучання, адукацыі і развіцця рабочых, спецыялістаў і топ-менеджараў у сферы прамысловасці", - рэзюмавала Кацярына Лакісава.


Праект "100 ідэй для Беларусі" рэалізуецца Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі сумесна з Мінадукацыі, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях у мэтах актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стымулявання грамадзянскіх ініцыятыў да рэалізацыі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак.-0-


БЕЛТА - Навiны Беларусi

Версія для друку Усе навіны