Пытанні экалогіі былі ў цэнтры ўвагі Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка падчас візіту ў Мёрскі раён

24.01.2020
Абмеркаванне пытанняў аховы навакольнага асяроддзя пачалося пры сустрэчы са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Ігарам Кузняцовым. Андрэй Паўлавіч прыняў удзел у пасяджэнні райвыканкама, на якім абмяркоўваліся пытанні грамадскай бяспекі. Міністр звярнуў таксама ўвагу аўдыторыі на сучасныя шляхі захавання прыроднай разнастайнасці ў мясцовых канкрэтных умовах. 

Мёрскі раён сельскагаспадарчы, ці не пашкодзіць яго экалагічнаму стану будаўніцтва буйнога прамысловага прадпрыемства – металапракатнага завода? Пра гэта ішла гаворка падчас наведвання будоўлі. 

Генеральны дырэктар Пётр Шымуковіч і яго падначаленыя праінфармавалі Міністра, што фінансаванне работ на адным з найбуйнейшых аб’ектаў краіны ажыццяўляецца пасля пацверджання будучых працэсаў вынікамі экалагічных экспертыз. Тут прадугледжаны замкнуты цыкл выкарыстання вады. Прамысловыя сцёкі падзяляюцца на патокі, для кожнага прадугледжана асобная ачыстка. Сцёкі, якія змяшчаюць эмульсіі, будуць праходзіць крышталізатар, спецыяльнае дарагое абсталяванне, якое аддзяляе чыстую ваду, а асадкі даводзіць да цвёрдага стану. Тут нават сцёкавыя вады прадугледжана пасля дадатковай ачысткі выкарыстоўваць у вытворчасці. Разагрэў металу будзе ажыццяўляцца прыродным газам пры яго поўным згаранні, без выкіду рэшткаў вугляроду ў атмасферу. З гэтымі і іншымі мерамі па папярэджанні забруджвання навакольнага асяроддзя Міністр азнаёміўся падчас экскурсіі па прадпрыемстве, якое будуецца. 


Сёння Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык сустрэўся і з юнымі эколагамі. 

Павятская яслі-сад–сярэдняя школа з 2012 года рэалізуе адукацыйны праект «Зялёная школа», атрымала адпаведны статус з прысваеннем дыплома другой ступені. Установа адукацыі актыўна ўдзельнічае ў экалагічных акцыях, форумах, выставах, конкурсах. Пра гэта Андрэю Паўлавічу і асобам, якія яго суправаджалі, расказалі дырэктар Алена Паўлоўская, настаўнікі і вучні. У камп’ютарным класе прайшла спецыяльная прэзентацыя з дэманстрацыяй відэафільмаў. Міністр пажадаў поспехаў юным эколагам у акцыі «Уладкуем малую радзіму» і падарыў ім набор спецыяльнай літаратуры для бібліятэкі і мячы. 

Даведачна: Праграма “Зялёныя школы” была адаптаваная для Беларусі ў рамках праекта Праграмы развіцця ААН «Павышэнне экалагічнай інфармаванасці моладзі праз заснаванне і развіццё «Зялёных школ» у Беларусі», што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Нацыянальным выконваючым агенцтвам праекта стала Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Праект завяршыўся 31 снежня 2010 года. За адзін год працы былі распрацаваны метадычныя матэрыялы, праведзены навучальныя семінары для настаўнікаў і экскурсіі для школьнікаў. 

У 2013 годзе Палажэнне аб рэалізацыі праекта «Зялёныя школы» падпісалі прадстаўнікі Міністэрстваў адукацыі і прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Такім чынам у Беларусі была ўкаранёна новая мадэль экалагічнай адукацыі. 

У цяперашні час праграма "Зялёныя школы” працягнула сваю рэалізацыю ў рамках Праекта «Уцягванне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні» («Экаманіторынг»), што фінансуецца ЕС і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды ў 2018-2022 гг. Стаць удзельнікам экалагічнага руху «Зялёная школа» было прапанавана любой школе, школьнаму лясніцтву, цэнтру пазашкольнай работы, экалагічнаму цэнтру для дзяцей і юнацтва Беларусі. 

Сёння ў Беларусі больш за 40 устаноў маюць афіцыйны статус «Зялёнай школы» і каля 200 школ выконваюць адмысловыя заданні для атрымання такога статусу. Распрацаваць і ўкараніць адукацыйны праект "Зялёныя школы" ў Беларусі стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням Мінпрыроды, ЕС, ПРААН і Міністэрства адукацыі. Асаблівасць адукацыйнага праекту “Зялёныя школы” ў Беларусі ў тым, што ён уключае шэсць (пяць – для дашкольных устаноў) выразна вызначаных напрамкаў з наборам заданняў, распрацаваных з улікам экалагічных праблем і пытанняў, якія вырашаюцца ў нашай краіне. Толькі выканаўшы гэтыя заданні, установа адукацыі можа атрымаць «зялёны» дыплом.  
Версія для друку