Расія зацікаўлена ў абмене вопытам з Беларуссю ў сферы абыходжання з камунальнымі адходамі

08.12.2023

8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расія зацікаўлена ў абмене вопытам з Беларуссю ў сферы абыходжання з камунальнымі адходамі. Магчымыя напрамкі ўзаемадзеяння абмяркоўваліся сёння ў час наведвання дэлегацыяй Расійскай Федэрацыі пад кіраўніцтвам намесніка старшыні ўрада Вікторыі Абрамчанка смеццеперапрацоўчага сартавальнага завода КУП "Экарэс", перадае карэспандэнт БЕЛТА.


Расійскія госці азнаёміліся з дзейнасцю прадпрыемства, галоўнай мэтай якога з'яўляецца вырашэнне экалагічных і санітарных праблем Мінска. Тут ажыццяўляецца пахаванне, абясшкоджванне цвёрдых камунальных і прамысловых адходаў, а таксама збор, сартаванне і падрыхтоўка да выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў.


"Нашым спецыялістам вельмі цікава паразмаўляць з калегамі, паглядзець, як у Мінску вырашаюцца пытанні з утылізацыяй камунальных адходаў, як наладжана работа з вытворцамі і імпарцёрамі, як ім не даюць пазбягаць адказнасці за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі", - адзначыла Вікторыя Абрамчанка.


У сваю чаргу Мінску можа быць карысны вопыт, атрыманы пры рэалізацыі праекта рэкультывацыі глеістых пляцовак ачыстных збудаванняў каналізацыі Казані. Тэхналогія прадугледжвае перапрацоўку глеістага асадку ў гранулы, якія могуць выкарыстоўвацца ў якасці ўгнаення, тэхнагрунту або біяпаліва. "Расійская прамысловасць поўнасцю на імпартазамяшчэнні, робіць усе вузлы і агрэгаты", - дадала Вікторыя Абрамчанка і прапанавала беларускаму боку азнаёміцца з вытворчасцю, вывучыць магчымыя напрамкі кааперацыі.


Намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Алег Корзун адзначыў, што абмяркуе гэта пытанне з кіраўніцтвам "Мінскводаканала". "Гэта цікавая і актуальная тэма. Гатовы вывучыць расійскі вопыт", - сказаў ён.


Таксама дэлегацыі прадставілі праект рэканструкцыі смеццеперапрацоўчага завода. Як расказаў дырэктар інстытута "Белкамунпраект" Дзяніс Драпей, прадугледжваецца павелічэнне магутнасці прадпрыемства да 600 тыс. т адходаў у год. Аб'ект падзелены на дзве чаргі. Першая чарга - мадэрнізацыя існуючай пляцоўкі, другая - будаўніцтва новага комплексу па перапрацоўцы адходаў і вытворчасці RDF-паліва, арганізацыя адкрытых пляцовак кампаставання. "Узровень выкарыстання адходаў пасля рэалізацыі праекта складзе каля 97 працэнтаў. На пахаванне будзе накіроўвацца толькі 3-5 працэнтаў камунальных адходаў", - сказаў Дзяніс Драпей.-0-


БЕЛТА - Навiны Беларусi

Версія для друку Усе навіны