Дарагія сябры!
Дазвольце прывітаць усіх удзельнікаў X Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі.
Сімвалічна, што юбілейныя мерапрыемствы праходзяць у самым сэрцы Еўразіі - сталіцы краю з багатай гісторыяй і культурай - Рэспубліцы Башкортастан.
Лічу рашэнне расійскага боку пашырыць геаграфію форумаў, наблізіўшы іх да розных суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, правільным.
Яно дае магчымасць максімальна раскрыць перавагі сваіх рэгіёнаў, наглядна прадэманстраваць іх эканамічны патэнцыял.
Для нас важна, каб нават за тысячы кіламетраў ад нашай краіны расіяне ведалі яшчэ больш пра Беларусь, выразна бачылі перспектыву беларуска-расійскага партнёрства.
Фундамент супрацоўніцтва закладзены моцны.
Гэта і дзеючыя ў суб'ектах Расійскай Федэрацыі разнастайныя гандлёвыя філіялы беларускіх кампаній, а таксама гандлёвыя сеткі, што рэалізуюць прадукцыю са знакам "Зроблена ў Беларусі", якую любяць і ведаюць. Многія важныя аб'екты на тэрыторыі Расіі ўзведзены рукамі беларускіх будаўнікоў.
І ў буйных расійскіх гарадах, і прамысловых цэнтрах, і на ўзроўні рэгіёнаў, у тым ліку і аддаленых, за Уралам, у Сібіры, Хабараўскім краі, на Камчатцы беларускія тавары і кампетэнцыі добра вядомы і запатрабаваны.
Братэрскі для нас Башкортастан - не выключэнне. З Уфой у нас даўнія, вельмі канструктыўныя кантакты на ўзроўні прадпрыемстваў, арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, дзеячаў навукі, мастацтва і культуры, адукацыі. Гісторыя ўзаемаадносін налічвае не адно дзесяцігоддзе. Дакладней сказаць, яна і не перапынялася з часоў Савецкага Саюза.
Мы добра дапаўняем адзін аднаго ў пастаўках сыравіны, камплектуючых, прамысловай прадукцыі, вырашаючы агульную сёння для нас задачу імпартазамяшчэння і забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту.
Але самая вялікая каштоўнасць - вельмі тонкія капіляры чалавечых адносін, агульная гісторыя, культура, менталітэт, традыцыйны погляд на сям'ю, шанаванне старэйшых, велізарныя перспектывы і падтрымка моладзі.
Таму нават у самыя складаныя для Беларусі і Расіі часы кантакты на ўзроўні рэгіёнаў актыўна развіваліся. Гэта дапамагло нам выстаяць ва ўмовах развалу дзяржаўнасці і разрыву эканамічных сувязей пасля распаду вялікай краіны.
І цяпер трывалыя адносіны дапамагаюць нам трымаць новы ўдар з боку Захаду па ўсіх франтах: эканамічным, палітычным, ідэалагічным, інфармацыйным, культурным і іншых.
Унікальнасць партнёрства нашых краін у тым, што з самага пачатку сістэма ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі будавалася на аснове самадастатковасці эканамічных сувязей, забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту дзвюх дзяржаў. І гэту перавагу неабходна максімальна выкарыстоўваць. Што мы і робім.
Вы бачыце, як часта апошнім часам праходзяць сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Як аператыўна адпрацоўваюцца ўсе пытанні. Па сутнасці, усе неабходныя рашэнні прэзідэнтамі прыняты. І ў рэгіёнаў, якія непасрэдна валодаюць рэсурсамі - чалавечымі, матэрыяльнымі, фінансавымі, - няма ніякіх перашкод для супрацоўніцтва.
Яшчэ некалькі гадоў таму мы часам высвятлялі адносіны, даказвалі нешта адзін аднаму. А ў цяперашніх умовах ужо не трэба нікога агітаваць за развіццё партнёрства - ні ў Расіі, ні ў Беларусі. Прыкметна павысілася адказнасць мясцовых улад, прадстаўнікоў бізнесу, грамадства. І справа пайшла. Узаемны гандаль таварамі і паслугамі ў мінулым годзе перасягнуў рэкордную планку 50 мільярдаў долараў.
Паказальна, што толькі ў гэтым годзе адбылося 16 візітаў кіраўнікоў рэгіёнаў Расіі ў Беларусь.
У сваю чаргу прайшоў шэраг дзелавых сустрэч. Члены беларускага Урада на чале з Прэм'ер-міністрам, кіраўнікі абласцей краіны праводзяць шмат рэзультатыўных перагавораў з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў, дакладна працуюць над выкананнем дасягнутых на вышэйшым узроўні дамоўленасцей.
Вядома, у аснове супрацоўніцтва - эканоміка. Так і павінна быць, паколькі эканоміка - гэта базіс любых грамадскіх працэсаў.
Толькі па выніках праведзеных раней форумаў рэгіёнаў падпісаны камерцыйныя кантракты на агульную суму амаль 5 мільярдаў долараў.
Так, лічбы гандлёвай статыстыкі радуюць. Але спачываць на лаўрах вельмі рана. Упэўнены, мы можам большае.
Неабходна павышаць канкурэнтаздольнасць дзвюх краін шляхам паглыблення прамысловай кааперацыі, вырашаць пытанні спецыялізацыі, імпартазамяшчэння, перш за ўсё ў мікраэлектроніцы і іншых высокатэхналагічных галінах. Максімальна разгортваць міжрэгіянальны гандаль і развіваць транспартна-лагістычныя калідоры, знаходзіць дадатковыя драйверы інтэграцыйных працэсаў.
Беларусь гатова ўдзельнічаць у мадэрнізацыі ключавых сектараў расійскай эканомікі, стварэнні сумесных вытворчасцей. У нас шмат цікавых і запатрабаваных рэгіёнамі Расіі прапаноў у галіне сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, машынабудавання, дрэваапрацоўкі, паставак абсталявання, фарміравання кампанентнай базы, харчовай і лёгкай прамысловасці, асваення космасу, фармацэўтыкі.
Акрамя таго, важнымі складнікамі беларуска-расійскага ўзаемадзеяння з`яўляюцца навука, культура, адукацыя. Гэта красамоўна пацвярджаюць у тым ліку і вынікі, дасягнутыя ў ходзе мінулых дзевяці форумаў рэгіёнаў.
Дзейнічае 81 пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і 73 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі.
Па сваёй сутнасці Форум стаў рэзультатыўнай дыялогавай пляцоўкай, на якой прымаюцца патрэбныя народам дзвюх краін рашэнні. Важна, што ў авангардзе распрацоўкі гэтых рашэнняў стаяць прадстаўнікі розных сфер - палітыкі, бізнесу, культуры, навукі. Гэта і ёсць тая самая народная дыпламатыя, якая даказвае сваю эфектыўнасць.
І роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў такіх працэсах імкліва ўзрастае.
У цэлым нашы пазіцыі застаюцца нязменнымі - ніякіх бар'ераў і абмежаванняў ва ўзаемадзеянні. Гэта базавы прынцып партнёрства. Спрэчныя моманты, калі яны ўзнікаюць, павінны вырашацца аператыўна і ў канструктыўным рэчышчы.
Дарагія сябры!
Сёння Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі трэба выходзіць за рамкі Саюзнай дзяржавы, актывізаваць супрацоўніцтва з Садружнасцю Незалежных Дзяржаў, ШАС, БРІКС, АСЕАН і ўсімі, хто гатовы з намі дружыць і працаваць.
Мы павінны зрабіць пляцоўку Форуму цэнтрам генерацыі міжрэгіянальных ідэй, праектаў, ініцыятыў.
Выступаючы, я часта гавару аб тым, што Саюз Беларусі і Расіі - не закрыты клуб. Мы не аб'ядноўваемся супраць каго б там ні было. Скажу больш: беларусы і расіяне зацікаўлены ў тым, каб увесь Еўразійскі рэгіён развіваўся як адзінае цэлае. Каб усе нашы суседзі былі эканамічна паспяховымі. Гэта важнейшыя ўмовы не толькі росту дабрабыту кантынента, але і міру на нашай агульнай зямлі.
А калі і заходнееўрапейскія партнёры раптам вырашаць падтрымліваць прынцып усеагульнай эканамічнай раўнавагі і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, то мы не супраць сумесных аналагічных мерапрыемстваў. Усё роўна яны прыйдуць да нас. Форум рэгіёнаў - перспектыўная ініцыятыва, якая цалкам можа выйсці за межы Беларусі і Расіі.
Мы будзем рады бачыць, у тым ліку і на гэтым мерапрыемстве, як мага больш людзей добрай волі, гатовых да мірнага стварэння, а не дамінавання.
Паважаныя ўдзельнікі Форуму!
Наперадзе нас чакае вялікая работа. Трэба трымацца адзін аднаго, быць як мага бліжэй - іншай альтэрнатывы для захавання суверэнітэту і незалежнасці нашых дзяржаў няма.
Я жадаю ўсім удзельнікам Форуму паспяховай і плённай працы на карысць народаў Беларусі і Расіі.-0-