У рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» 29 снежня кіраўнікі дзяржаўных органаў сталі гасцямі на навагоднім свяце ў Дзіцячым доме № 3 г. Мінска. Выхаванцы гэтай сацыяльна-педагагічнай установы — дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку з інваліднасцю. Тут створаны ўсе ўмовы для іх рэабілітацыі і развіцця творчых здольнасцей. Да святочнай сустрэчы калектыў Дзіцячага дома падрыхтаваў музычна-тэатралізаванае шоу «Снежная каралева», уразіўшы ўсіх шчырасцю пачуццяў, непадробнай артыстычнасцю, цудоўнымі маскараднымі касцюмамі.
Госці, у сваю чаргу, парадавалі маленькіх выступоўцаў падарункамі. Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык перадаў Дзіцячаму дому мікрахвалевую печ і ролікавыя канькі. Выканаўца абавязкаў старшыні Камітэта дзяржкантролю Мікалай Герасімаў прывёз самакаты, якія цяпер карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Начальнік упраўлення кадраў Следчага камітэта г. Мінска палкоўнік юстыцыі Андрэй Верамейчык і начальнік Маскоўскага раённага аддзела Следчага камітэта г. Мінска Міхаіл Емяльянаў выканалі пажаданні, напісаныя выхаванцамі ў лістах да Дзеда Мароза: цяпер у дзяцей будуць гульнявыя прыстаўкі, лічбавы аўдыяплэер, правадныя навушнікі з мікрафонам, музычныя калонкі, фітнэс-браслеты. І, канешне ж, усім дасталіся салодкія пачастункі.
— Новы год — прыгожае добрае свята. У гэтыя дні нам трэба быць бліжэй адзін да аднаго, парадавацца за тых, каму добра, і дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу, — заклікаў Мікалай Герасімаў. — Камітэт дзяржкантролю штогод удзельнічае ў такіх дабрачынных акцыях. Мы ездзім па краіне, вылучаючы тыя месцы, дзе найбольш патрабуецца наша дапамога. Хочацца, каб у гэтых дзяцей засталіся самыя добрыя, светлыя ўражанні ад маленства. Я ўпэўнены, што калі яны вырастуць, ацэняць клопат пра іх і стануць сапраўднымі патрыётамі нашай краіны.
Андрэй Худык, звяртаючыся да педагогаў і выхаванцаў, адзначыў:
— Шмат вельмі цёплых, добрых акцый і традыцый з’явілася за гады незалежнай Беларусі. Гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што мэта нашай дзяржавы — клопат пра чалавека. Я ўражаны сённяшнім спектаклем. Наведваючы гэты Дзіцячы дом рэгулярна, бачу, з якой цікавасцю яго выхаванцы ўдзельнічаюць у святах і як яны творча растуць. Мы з першых вуснаў ведаем, што робіцца ў такіх установах, каб прымаць правільныя рашэнні аб адраснай дапамозе. І на сёння шмат зроблена для дзяцей, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю. Думаю, што яны сапраўды сагрэты апекай і чыноўнікаў, і працоўных калектываў, і дзяржавы ў цэлым. Такія акцыі павінны працягвацца ў нашай дзяржаве і сярод нашых людзей.
Ужо 25-ты год пад патранажам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з 10 снежня па 10 студзеня праводзіцца навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання наведваюць дзіцячыя дамы, бальніцы, апякунскія і прыёмныя сем’і, каб павіншаваць дзяцей з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым, уручыць ім падарункі, дапамагчы ў вырашэнні актуальных праблем.