Часопісу "Родная прырода" - 45!

06.02.2017

Адзінаму ў Беларусі навукова-папулярнаму часопісу пра прыроду гэтымі днямі споўнілася 45 гадоў.  
  
























31 студзеня 1972 года быў падпісаны ў друк першы нумар інфармацыйна-метадычнага бюлетэня Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па ахове прыроды, Прэзідыумаў Рэспубліканскіх таварыстваў аховы прыроды, паляўнічых і рыбаловаў, камісіі па ахове прыроды АН БССР. 

З першых месяцаў свайго існавання выданне аб’ядноўвала погляды як дзяржаўных прыродаахоўных ведамстваў, так і грамадскасці, прапагадавала рацыянальнае прыродакарыстанне, актыўную абарону жывёльнага і расліннага свету ад згубнага ўздзеяння чалавека…  

Літаральна з першых выпускаў часопіс звяртаў увагу на лакальныя экалагічныя катастрофы (рубрыка “Здымак, які абыйшоў свет” расказвала пра аварыю на танкеры, у выніку якой нафта вылілася ў мора. Было адзначана, што не меншую шкоду птушкам і марскім насельнікам прычынілі мыйныя сродкі, якія былі выкарыстаныя для ліквідацыі разлітай нафты). Звяртае на сябе ўвагу і факт святкавання 10-годдзя з дня стварэння Беларускага таварыства аховы прыроды. 
Грамадскія актывісты давалі аб сабе знаць і на той час. 

Наогул, тэмы “Роднай прыроды” 70-х гадоў сугучныя сучасным: і раней, як і зараз, актыўна прапагандаваўся велатурызм, уздымаліся праблемы запаведнікаў, расказвалася аб прыродаахоўных мерапрыемствах. Мабыць, таму і быў часопіс такім папулярным у чытачоў – тыраж налічваў амаль 53 тысячы экзэмпляраў! 






















У 80-я гады ў “Роднай прыродзе” высвятляецца “здароўе вады”, вызначаюцца ўнікальныя прыродныя куткі планеты. Тады ж на старонках часопіса “прапісваецца” і самая хвалюючая тэма – тэма Чарнобыльскай катастрофы. 

У пачатку 90-х журналісты ўпершыню звяртаюць увагу на тое, што “экалогія – з’ява эканамічная”. На той час востра паўстала пытанне выкарыстання другаснай сыравіны. 

Часопіс 2000-х блізкі да сучаснага – поўнакаляровы, глянцавы. Тады ж з’яўляецца ў ім спецвыпуск “Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь”, які і цяпер знаёміць чытачоў з унікальнымі прадстаўнікамі фаўны Беларусі, фота якіх размешчаны на постэрах у дадатку для пачаткоўцаў-прыродазнаек “Юны натураліст”.   

Цяпер часопіс выглядае надзвычай прэзентабельна: мелаваная папера, поўнакаляровы друк. У цэнтры ўвагі журналістаў-эколагаў усе гэтыя гады: узаемаадносіны чалавека з прыродай, наступствы негатыўнага ўплыву безгаспадарчых адносін да навакольнага асяроддзя і інш.

Тэме развіцця часопіса быў прысвечана святочная вечарына, якая адбылася ў Доме літаратара, удзел у якой узялі прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыіі Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі Акадэміі навук Беларусі, іншых дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, аўтары часопіса. 
Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Каўхута ў віншавальным лісце адзначыў:
"Прыемна адзначыць, што асаблівая ўвага ў часопісе надаецца выхаванню ў дзяцей экалагічнай свядомасці, разумення, што ў першую чаргу ад экалогіі залежыць іх будучыня і будучыня наступных пакаленняў. Адзначаючы слаўную дату, мы спадзяемся, што шматгадовыя добрыя традыцыі нашага супрацоўніцтва будуць паспяхова развівацца і ў будучыні! Прыміце найлепшыя пажаданні, здароўя Вашаму калектыву, плённай працы, натхнення ва ўсіх справах на карысць нашай Радзімы!"
Версия для печати Все новости